МІ́НСКАЯ ПАСТЭ́РАЎСКАЯ СТА́НЦЫЯ,

медыцынская ўстанова ў Мінску, якая займалася вырабам антырабічнай (супраць шаленства) вакцыны, правядзеннем антырабічных прышчэпак, дыягнастычным даследаваннем жывёл на шаленства і барацьбой з эпідэміямі; была таксама навукова-практычным цэнтрам па падрыхтоўцы ўрачоў для Мінскай губ. Адкрыта 2.2.1911. Пры станцыі працавалі хіміка-бактэрыял. і суд.мед. лабараторыі. Займалася таксама н.-д. дзейнасцю (даследавалі бактэрыялогію туберкулёзнай палачкі, хворых на малярыю). З лета 1920 да ліп. 1922 не дзейнічала. У 1924 станцыя пераўтворана ў пастэраўскае аддзяленне Бактэрыял. (Пастэраўскага) ін-та (зараз Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі).

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)